Обучение

Сообщение об ошибке

Обучение

Сообщение об ошибке

Як увайсці ў IT. Пакрокавая інструкцыя з канферэнцыі Open IT у Гродне

24 апреля 2018

IT — гэта сфера, якая дагэтуль развіваецца. Попыт на спецыялістаў у ёй пакуль перавышае прапанову. Таму зараз самы час укладаць намаганні, час і грошы ў прафесію, калі вы адчуваеце, што гэта «ваша». Наўзамен вы атрымаеце добры заробак, прыемныя бонусы ад кампаній і цудоўную каманду.

Пра тое, з чаго пачаць, расказала на канферэнцыі OPEN IT у Гродне Аляксандра Нікіцевіч, праграміст з кампаніі Senla.

Пра што трэба ведаць, перш чым ісці ў IT?

У айці могуць працаваць шмат якія спецыялісты: праграмісты, тэсціроўшчыкі, бізнес-аналітыкі, кансультанты, менэджары, рэкламшчыкі. Найперш гэта цяжкая разумовая праца. Улічваючы, што сфера развіваецца, трэба ўпітваць шмат інфармацыі і вытрачаць на адукацыю шмат часу. Зараз самы час пачынаць свой шлях у айці. Калі ў будучым канкурэнцыя павысіцца, у вас будзе вопыт, а значыць і перавага.

Калі-небудзь настане момант, калі ўсё пойдзе на спад, як гэта было з эканамістамі ці юрыстамі. Але наперадзе ў нас эра блокчэйна, нейрасетак, так што айці будзе ісці ўгару, — кажа Аляксандра.

У айці плацяць добрыя грошы, але ісці варта не за імі, а за натхненнем. Шмат для каго ў гэтай сферы іх праца — гэта высокааплочваемае хобі. Гэта менавіта тая праца, дзе ёсць магчымасці расці і развівацца. Ёсць шмат «плюшак» у выглядзе атмасферных карпаратываў, абанементаў у спортзалы і ўзаемадапамогі ў камандзе.

Як увайсці ў айці?

Найперш трэба выбраць той напрамак, у якім вы будзеце матываваны нешта рабіць. Затым вывучаць яго. Ёсць некалькі спосабаў адукацыі.

1. Курсы айці-кампаній

Гэта бясплатныя курсы, цягам якіх вы будзеце выконваць хатнія заданні. Па іх заканчэнні вы зможаце знайсці працу ў той самай кампаніі.

Я выкладаю курсы і выпусціла каля 50 чалавек. 20 з іх працуюць у маёй кампаніі. Некаторыя знайшлі сябе ў іншых кампаніях, некаторыя ў пошуку, некаторыя вырашылі, што ім гэта нецікава. То бок працаўладкавацца цалкам рэальна.

Мінусы такіх курсаў - канкурэнцыя. А таксама наяўнасць мінімальных ведаў, бо з-за папулярнасці сферы кампаніі павышаюць планкі для набору. Затое пасля курсаў вы зможаце знайсці працу ў любой кампаніі Беларусі ці за яе межамі.

2. Курсы адукацыйных цэнтраў

Гэта платныя курсы, яны больш лаяльныя па дысцыпліне. Навучэнцы таксама атрымліваюць сертыфікаты і маюць магчымасць працаўладкавання.

3. Адкрытая вакансія на стажыроўку

Патрэбны больш глыбокія веды па спецыялізацыі, бо часта гэта праца на «баявым» праекце.

4. Самастойная падрыхтоўка

Можна пашукаць вакансію, пачытаць патрабаванні да яе і вывучыць. Або пагугліць праграмы адукацыйных цэнтраў, знайсці набор тэм і вывучыць іх самастойна. Уся інфармацыя ёсць у адкрытым доступе. Пасля варта прайсці тэсты па тэмах.

Што далей?

Вы гатовы да сумоўя, калі пачынаеце гугліць інфармацыю па тэме і сустракаеце 50% (і больш) знаёмай інфармацыі. Можна складаць рэзюмэ, адпраўляць яго і ісці на размову. Каб прайсці яе паспяхова, трэба быць упэўненым у сваіх ведах. Таму лепш дадаць менш інфармацыі, але быць у ёй упэўненым. Будзьце дабразычлівымі і пакажыце матываванасць.

Калі вас не ўзялі на працу — не хвалюйцеся. Спытайце, што трэба падвучыць і падцягнуць. Ваша вакансія вас знойдзе.

— У мяне ёсць калега, які пачаў свой старт у айці ў 35 гадоў. Да гэтага ён быў 20 год ваенным. За пяць гадоў ён падняўся ў праграмаванні да ўзроўня Solution Architect. Я ў айці чатыры гады і мне да Solution Architect яшчэ дзве пазіцыі. Але я ім проста захапляюся і пры любой магчымасці пераймаю веды. Не зайздросціце, не параўноўвайце, а натхняйцеся людзьмі вакол вас.


У Гродне каля 1500 айцішнікаў. ПВТ хоча каб было ў тры разы больш

— Ёсць дысбаланс у размеркаванні галіны айці ў сталіцы і рэгіёнах. У Мінску праходзіць вельмі шмат канферэнцый, мітапаў, арыентаваных на навічкоў. Таму мы вырашылі правесці канферэнцыю Open IT у Гродне. Яна прайшла паспяхова: запісалася 425 патэнцыйных удзельнікаў. Мы не змаглі прыняць усіх з-за абмежаванасці пляцоўкі. Але запішам відэа, а ў наступны раз арганізуем відэастрымінг, каб усе жадаючыя, а іх рэальна шмат, змаглі паўдзельнічаць, — кажа Вадзім Зелянкоў, дырэктар СТАА «Адукацыйны цэнтр Парку высокіх тэхналогій».

У выніку на Open IT запрасілі 160 удзельнікаў, 16 спікераў, а сама канферэнцыя доўжылася шэсць гадзін паралельна ў дзвюх залях.

Большасць удзельнікаў канферэнцыі - навічкі, які знаходзяцца на стадыі прыняцця рашэнняў. Таму асноўны кантэнт Open IT быў скіраваны на іх. Была інфармацыя для тых, хто хацеў бы паглыбіцца ў пэўную сферу, зразумець, дзе перспектывы росту. ПВТ ладзіць курсы, дзе выступаюць гродзенскія эксперты з вопытам ад пяці год.

— Мы стараемся сыходзіць з патрэбаў рынку і насыціць яго адпаведнымі спецыялістамі ў кампаніях, якім яны патрэбны. Наша задача — не проста навучыць спецыяліста і вывесці яго на рынак. Мы суправаджаем яго ад моманту атрымання сертыфікату да працаўладкавання ў канкрэтную кампанію. Пакуль што ёсць дысбаланс попыту і прапановы. На аднаго тэсціроўшчыка прыходзіцца чатыры распрацоўшчыкі, на аднаго бізнес-аналітыка — восемь распрацоўшчыкаў. Мы расказваем пра гэта, каб людзі ацэньвалі свае шанцы і ішлі на працу свядома.

Удзельнікам Open IT канферэнцыя спадабалася, яны знайшлі адказы на свае пытанні і далі прапанову: наступным разам зрабіць канферэнцыю двухдзённай ды запрасіць больш спікераў.









Материал опубликован на hrodna.life, дата публикации: 24.04.2018.


Полная, частичная перепечатка или любое иное использование материалов с сайта IT-Academy разрешается только с указанием активной гиперссылки, ведущей на первоисточник (точный адрес страницы на www.it-academy.by).